Беларусы прайгралі ў паўфінале чэмпіяната Еўропы па футзале

7 траўня ў Калінінградзе, дзе праходзіць чэмпіянат Еўропы па футболе ў залах, адбыліся паўфінальныя матчы. Зборная Беларусі, на жаль, прайграла гаспадарам спаборніцтваў — расійскай зборнай — з лікам 3:6. Расіяне хутка забяспечылі сабе перавагу ў два мячы пасля ўдараў Манахава і Іванова. Але далей справа пайшла куды складаней. Беларусы шчыльна гулялі другім нумарам і чакалі... Шанец з'явіўся, калі лік быў ужо 0:3 — Маёраў прабіў з цэнтральнай зоны, і галкіпер расіян Філатаў не здолеў злавіць мяч пасля рыкашэту.

Літаральна праз хвіліну беларусы на куражы арганізавалі хуткую атаку, у выніку якой Гузарэвіч апынуўся сам-насам з Філатавым. 2:3.

Аднак скараціць разрыў да мінімуму — гэта ўсё, на што ў першай палове сустрэчы былі здольныя беларусы. Расіяне ж пасля далёкага ўдара Красільнікава вярнулі сабе перавагу ў два мячы.

У другім тайме гульня двойчы перарывалася праз няспраўнасці ў сістэме асвятлення і адліку часу. Адразу пасля другога тэхнічнага перапынку Радзькоў ізноў скараціў адрыў расіян. Але ў канцоўцы матча мячы ўляталі толькі ў вароты беларускага варатара Кудзі.