Беларусы просяць прытулку ў Расіі часцей за прыбалтаў

За 7 сёлетніх месяцаў два жыхары Беларусі звярнуліся да Федэральнай міграцыйнай служба Расіі з хадайніцтвамі пра надаванне статусу ўцекача. Агулам, паведамляе "Заўтра тваёй краіны", за апошнюю пяцігодку ў суседняй дзяржаве шукалі прытулак больш як сорак беларусаў. Што праўда, расійскія службы не асабліва схільныя даваць прытулак беларусам. У 2008 годзе яны задаволілі толькі адну заяву беларуса пра надаванне прытулку ў Расіі. Гэта пакуль адзіны выпадак за апошнія 5 гадоў.

Дарэчы, менавіта ў 2008 годзе было зарэгістравана больш за ўсё нашых суайчыннікаў, якія прасілі сховішча ў Расіі. Агулам 12 беларусаў падалі заявы з просьбай аб наданні статусу ўцекача і 5 заяў на часовы прытулак. У 2007 годзе стаць уцекачамі ў Расіі пажадалі 15 чалавек з Беларусі.

Па гэтым паказчыку Беларусь апярэджвае ўсе прыбалтыйскія краіны разам узятыя. Да прыкладу, з Латвіі за апошнія 5 гадоў хацелі стаць уцекачамі ў Расіі 7 чалавек, столькі ж з Эстоніі, а з Літвы і ўвогуле тры.