Беларусы вераць у хуткае заканчэнне крызісу і шкадуюць ЗША

Беларусы вераць у хуткае заканчэнне сусветнага фінансавага крызісу і стабілізацыю сітуацыі. Пра гэта сведчыць даследаванне сацыёлагаў Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі, праведзенае ў пачатку сакавіка. 
Калі ў перамогу над крызісам вераць 44% апытаных жыхароў Беларусі, дык расіян толькі 25%, украінцаў — 17%.

Толькі 32% беларусаў перакананыя, што крызіс — гэта доўгатэрміновы працэс і выхаду з яго не будзе (так думаюць 69% апытаных украінцаў і 58% расіян). 

Цікава, што ў той час, калі жыхары Расіі і Ўкраіны лічаць, што ад крызіса найбольш пацярпелі іх краіны, дык беларусы мяркуюць, што найперш крызіс датычыць ЗША. І калі крызіс турбуе 62% украінцаў і 56% расіян, дык у Беларусі пра гэта сказаў толькі кожны трэці рэспандэнт.
Галоўныя праявы крызіса, з якімі сутыкнуліся за апошнія два месяцы беларусы — гэта рост цэнаў, змяншэнне даходаў і адмова ад некаторых тавараў і паслугаў.