Беларусы захапілі латвійскую авіякампанію Konkors?

Латвійская авіякампанія Konkors са скандалам памяняла ўласнікаў. Яе ўладальнікам са 100% акцый стаў беларус Аляксандр Садавой, паведамляе партал Delfi. Былыя саўладальнікі і партнёры, а зараз заклятыя ворагі вінавацяць адзін аднаго ва ўсіх грахах: рэйдэрскім захопе, правальнай бізнэс-стратэгіі ды таемнай змове.

Кампанія Konkors валодае адным з самых буйных у Балтыі цэнтраў сэрвіснага абслугоўвання самалётаў. Да канфлікту яна належала пароўну двум уласнікам: рыжскаму бізнэсоўцу Сяргею Ратнікаву і беларускаму прадпрымальніку Аляксандру Садавому, чальцу праўлення буйнога беларускага канцэрна "Белтэхэкспарт".

Прадстаўнікі Садавога кажуць, што выкупілі ў Ратнікава яго долю. Ратнікаў сцвярджае, што яго беларускі партнёр у аднабаковым парадку змяніў дакументы, якія пацвярджаюць права ўласнасці на Konkors.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з адміністрацыі Рыжскага аэрапорта на тэрыторыі Konkors ніякіх экстраардынарных падзей не адбывалася, кампанія працуе ў планавым рэжыме.