Белавежская пушча ўдвая пашырае запаведныя тэрыторыі

Тэрыторыя, на якой будзе забароненая ўсялякая гаспадарчая дзейнасць, павялічыцца ўдвая. Пасля гэтага яе плошча дасягне 75 тыс. гектараў.   У склад запаведных тэрыторыяў увойдзе ўнікальнае балота, якіх у свеце ўсяго тры. Навукоўцы падкрэсліваюць, што ўзрост дрыгвы перавышае шэсць тысяч гадоў, і што яна адносіцца да басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў адначасова.

Балота называецца Дзікім і мае плошчу ў 140 кв.км. Тут ёсць амаль усе расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, водзяцца вяртлявая чаротаўка і вялікі падворлік — птушкі, якія амаль цалкам зніклі.

Пасля павелічэння тэрыторыі запаведнай зоны адміністрацыя Нацыянальнага парка плануе звярнуцца ў ЮНЭСКА з просьбай уключыць тэрыторыі ў спіс Сусветнай спадчыны. Гэта паспрыяла б працы навукоўцаў, якія змогуць атрымоўваць гранты ААН на захаванне і даследаванне тэрыторый.

Аляксей МУРЛАНАЎ, Еўрарадыё, Брэст