"Белнафтахім": Перамовы па нафце працягваюцца, бензін на АЗС ёсць

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы забяспечваюць патрэбы ўнутранага рынку рэспублікі ў поўным аб'ёме, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Марына Касцючэнка. "У цяперашні час нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць у рэжыме, дастатковым для загрузкі асноўных тэхналагічных працэсаў, і ў поўным аб'ёме выконваюць сваю задачу — забеспячэнне ўнутранага рынку Беларусі. У арганізацыях, якія займаюцца рэалізацыяй нафтапрадуктаў на АЗС, створаныя значныя запасы дызельнага паліва і ўсіх марак бензіну", — адзначыла Касцючэнка.

Паводле яе словаў, у Маскве дэлегацыя "Белнафтахіма" на чале са старшынёй канцэрна Валерыем Казакевічам працягвае перамовы наконт паставак нафты на беларускія НПЗ.