"Белпошта" патлумачыла, чаму прыбрала Украіну з юбілейных марак
Адказ на свой ліст атрымаў з "Белпошты" блогер і журналіст Севярын Квяткоўскі. Пра гэта ён напісаў у сваім акаўнце на фэйсбуку.
Як паведамляла Еўрарадыё, на мінулым тыдні вялікі розгалас набыў выпуск юбілейнай маркі, прысвечанай вызваленню Беларусі, Украіны і Расіі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прыкладна за месяц да абвешчанага выхаду маркі з яе знікла згадка пра Украіну.
Прычыну гэтага патлумачыла ў афіцыйным адказе начальнік выдавецкага цэнтра "Марка" І.Шыпілава. Па яе словах, дамова пра выпуск юбілейнага паштовага блока была дасягнутая прадстаўнікамі трох краін яшчэ ў 2013 годзе. Адпаведна, быў распрацаваны адзіны арыгінал-макет паштовага блока і падрыхтаваны праект пагаднення паміж трыма паштовымі адміністрацыямі.
Аднак, адзначае Шыпілава, Украіна сама вінаватая ў тым, што згадку пра яе знялі з маркі: "У сувязі з тым, што ўкраінскі бок не падпісаў пагадненне і не пацвердзіў удзел у сумесным выпуску, а таксама ў сувязі са сціслымі тэрмінамі на выраб паштовай прадукцыі (выпуск у абарачэнне запланаваны на 18 красавіка гэтага года), унесеныя карэкціроўкі ў назву гэтага праекта".