Беражкоў: Будзе шкада, калі Руслана Ігнатовіча адлічаць з універсітэту

Дырэктар Інстытуту журналістыкі Сяргей Дубовік кажа, што гаворкі пра адлічэнне няма.

19 снежня другакурсніка Інстытута журналістыкі БДУ Руслана Ігнатовіча затрымалі на плошчы Незалежнасці. Сярод студэнтаў адразу пачаліся гаворкі пра тое, што хлопца чакае адлічэнне, бо ён напэўна прапусціць частку заліковай сесіі. А калі не здаш залікі — да экзаменаў папросту не дапусцяць....
На думку галоўнага рэдактара газеты “Прессбол” Уладзіміра Беражкова, адлічаць хлопца нельга. Ён адзначыў, што Ігнатовіч праходзіў у гэтым папулярным выданні практыку і зарэкамендаваў сябе як добры журналіст. Ігнатовіч як журналіст сфармуецца ў кожным разе, лічыць Беражкоў. Але ўсё ж будзе шкада, калі ён застанецца без вышэйшай адукацыі:
Беражкоў: “Ён быў у нас на практыцы. Ён добры хлапец — мэтанакіраваны, ахайны, любіць спорт. Нават можа разглядацца у перспектыве як супрацоўнік газеты “Прессбол”. Будзе вельмі шкада, калі яму не дадуць вучыцца".
Чуткі пра адлічэнне Ігнатовіча абверг дырэктар Інстытуту журналістыкі БДУ Сяргей Дубовік. Ён адзначыў, што акрамя Ігнатовіча быў затрыманы выпадкова яшчэ адзін студэнт. Адлічаць іх не плануецца.
Дубовік: “А за што? Думаю, што не. Мне сказалі, што там іх аднаго і іншага зусім выпадкова ўзялі каля ўвахода у метро. Ніякіх пытанняў няма”.