Бернд Штанге: Нічыя Беларусі з Люксембургам — гэта не сенсацыя

Нічыя Беларусі з Люксембургам — гэта не сенсацыя, — так пракаментаваў галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Бернд Штанге ўчорашнюю гасцявую нічыю 0:0 з камандай Люксембурга, аўтсайдэрам нашай адборачнай групы чэмпіянату Еўропы 2012 года.   Паводле Штанге, паколькі мэта ў матчы дасягнута не была, то ён "вельмі расчараваны".
Нямецкі спецыяліст прызнае, што за ўсё гульню беларускія футбалісты амаль не стварылі небяспечных момантаў каля варот гаспадароў поля. "Мы зрабілі ўсё, што маглі", — цытуе пасляматчавы каментар Бернда Штанге "Прессбол".

Нагадаем, у іншым матчы групы D Албанія згуляла ўнічыю 1:1 з Босніяй і Герцагавінай. Сёння пройдзе матч Францыя — Румынія. Пакуль лідыруюць зборныя Албаніі і Беларусі, у якіх па 5 ачкоў. У аўторак беларусы гуляюць у Мінску з албанцамі.