Без электрычнасці застаюцца 102 населеныя пункты на Брэстчыне і Гомельшчыне

Па звестках на 7 гадзінаў раніцы 13 студзеня, без электрычнасці ў Беларусі пакуль застаюцца 102 населеныя пункты і 23 фермы. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ДВА "Белэнэрга". У Брэсцкай вобласці электразабеспячэнне пакуль не адноўленае ў 11 населеных пунктах, у Гомельскай — у 91. Асноўнай прычынай адключэння электрычнасці сталі абрывы абледзянелых правадоў.

Асабліва няпростая сітуацыя склалася на Гомельшчыне: вельмі шмат паламаных апор на лініях электраперадачы. Над выпраўленнем непаладак тут працуюць 28 брыгад энергетыкаў, задзейнічана шмат тэхнікі, з суседніх абласцей перакінутыя перасоўныя электрастанцыі.

Па словах спецыялістаў "Белэнэрга", у Брэсцкай вобласці ўсе населеныя пункты сёння будуць падлучаны, на аднаўленне электразабеспячэння ў Гомельскай вобласці можа запатрабавацца больш часу.