Bloc Party калі-небудзь запіша яшчэ адзін альбом

Фронтмэн Bloc Party Кэле Акерэке (Kele Okereke) супакоіў прыхільнікаў гурта заявай, што калектыў зусім не збіраецца ставіць кропку ў сваёй гісторыі. Рокер запэўніў, што гурт абавязкова яшчэ заявіць пра сябе новым альбомам - праўда, ён пакуль не ведае, калі гэта здарыцца.

Нагадаем, што летась па сканчэнні маштабнага тура Bloc Party абвясцілі, што сыходзяць у творчы адпачынак. Гэта дало глебу для чутак пра распад гурта, а той факт, што Акерэке пачаў запіс сольнага альбома, толькі падагрэў іх.

«Я выдаю сольны альбом, але гэта не значыць, што на Bloc Party пастаўлены крыж. Я граў у гурце, і буду ў ім граць, - заявіў Акерэке. - Я спадзяюся сустрэцца з астатнімі музыкамі і запісаць з імі новую музыку. Проста я не магу сказаць, калі дакладна гэта здарыцца. Апошні год быў для нас вельмі складаным, мы шмат працавалі і мусім перадыхнуць».

Рэліз сольнай пласцінкі Кэле Акерэке «The Boxer» запланаваны на 21 чэрвеня. Што да Bloc Party, то апошні лонгплэй калектыву «Intimacy» датуецца 2008-м годам.

Фота: chrisburn.wordpress.com