Больш за 1 млн. беларусаў маглі б у льготным рэжыме наведваць Польшчу
Беларускія ўлады перашкаджаюць пашырэнню кантактаў паміж грамадзянамі Польшчы і Беларусі.
Такое меркаванне прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі выказаў у часе наведвання ў мінулую нядзелю памежнай вёскі Кузьніца. Гаворка ішла аб нератыфікаваным да гэтага часу Беларуссю Пагадненні аб малым памежным руху.
Пагадненне, заключанае кіраўнікамі МЗС 12 лютага 2010, Польшча ратыфікавала ў чэрвені таго ж года. Аляксандр Лукашэнка да гэтага часу не падпісаў гэты дакумент, ужо ўхвалены палатамі Нацсходу.
Як паведамляе "Вечерний Брест" са спасылкай на тэлеканал TVP Białystok, Камароўскі выказаў шкадаванне ў сувязі з дзеяннямі беларускіх уладаў, якія, на яго думку, перашкаджаюць пашырэнню кантактаў паміж грамадзянамі дзвюх дзяржаваў.
Прэзідэнт адзначыў, што мяжа з Беларуссю — адзіны адрэзак ўсходне-польскай мяжы, на якім не функцыянуе так званы малы памежны рух. І, на яго думку, цяперашняя пазіцыя беларускіх уладаў кажа пра тое, што такі рух і не будзе функцыянаваць.
"Беларускія ўлады ў гэтым плане дзейнічаюць супраць інтарэсаў як сваіх уласных грамадзянаў, так і супраць інтарэсаў сваіх супляменнікаў па гэты бок мяжы", — сказаў Камароўскі.
У выпадку ўступлення ў дзеянне Пагаднення, льготным парадкам перасячэння мяжы змаглі б скарыстацца амаль 600 тысяч палякаў і 1 мільён 100 тысяч беларусаў.