Бой Джордж патрапіў у турму

Брытанскі спявак Бой Джордж (Boy George) правядзе 15 месяцаў за кратамі. Суд прызнаў былога фронтмэна Culture Club вінаватым у пазбаўленні свабоды 29-гадовага нарвежца Аўдуна Карлсэна (Audun Carlsen), якога той прыкаваў наручнікамі да ложка ў сваёй лонданскай кватэры ў красавіку 2007 года. Cуддзя Дэвід Рэдфард (David Radford) назваў дзеянні Джорджа «неапраўданым гвалтам», якія «траўміравалі» яго ахвяру. «Нягледзячы на тое, што нанесеныя містэру Карлсэну фізічныя траўмы былі малаважнымі, на маю думку, не можа быць ніякіх сумневаў у тым, што вашае наўмыснае і абразлівае прыкоўванне наручнікамі і ўтрыманне Карлсэна шакіравала і зняважыла яго, - заявіў суддзя. - Ён быў пазбаўлены волі і пачуцця ўласнай вартасці без папярэджання або належнага тлумачэння мэты і працягласці гэтых дзеянняў, або выбачэнняў за іх. Я лічу правапарушэнне настолькі сур'ёзным, што адзінай апраўданай мерай пакарання для Джорджа Одаўда (сапраўднае імя спевака) можа служыць 15-месячны турэмны тэрмін».

У сваё апраўданне Бой Джордж заявіў у судзе, што падазраваў Карлсэна ў крадзяжы фотаздымкаў з яго наўтбука, уключаючы некалькі здымкаў з іх сумеснай парнаграфічнай фотасесіі. Пасля выяўлення страты спявак разам з напарнікам, імя якога невядома, зрабілі засаду на Карлсэна, схапілі яго, прыкавалі наручнікамі да ложка і пачалі збіваць металічным ланцугом. Ахвяры ўдаллося вырвацца, збегчы з кватэры ў адной ніжняй бялізне і паведаміць пра ўсё паліцыі. Таксама ў яго атрымалася прадаць гісторыю сваёй прыгоды нарвежскаму часопісу за 5000 фунтаў стэрлінгаў, якія ён выдаткаваў на ўцёкі з Вялікабрытаніі.

Бой Джордж, які ў 1980-х гадах быў адным з самых знакамітых і вядомых у свеце выканаўцаў, цяпер выступае ў якасці дыджэя ў лонданскіх клубах. За яго плячыма ўжо маецца некалькі судзімасцяў, першую з якіх ён атрымаў за крадзеж у 1977 годзе, каля яшчэ быў падлеткам. У 2006 годзе музыка быў прысуджаны да грамадскіх прац за ілжывы выклік паліцыі з нагоды вымысленага рабавання сваёй нью-ёркскай кватэры.

Адбываць зняволенне па новым прысудзе Бой Джордж пачаў 16 студзеня. Выйсці на волю ён зможа ўжо праз шэсць месяцаў - калі будзе паводзіць сябе прыкладна.

Фота: www.electrofm.ru