Брэсцкі праваабаронца паспрабаваў праз суд “адкрыць” выбары ў Баранавічах

Юрыст з Брэста Уладзімір Малей спрабаваў праз суд высветліць, кім працуюць асобы, з якіх была створана баранавіцкая гарадская выбарчая камісія. 
Паводле слоў Малея, на сайце абласной выбарчай камісіі пазначана толькі, кім працуюць тры чальцы баранавіцкай гарадской камісіі — старшыня, намеснік і сакратар. Ён мяркуе, што інфармацыя ўтойваецца наўмысна, бо, верагодна, яна ўкамплектаваная больш чым на траціну дзяржслужбоўцамі, а гэта парушэнне Выбарчага кодэкса.

Баранавіцкія праваабаронцы і Малей звярталіся ў гарвыканкам, вышэйстаячыя выбарчыя камісіі, у пракуратуру, але без поспеху.

Учора скаргу Ўладзіміра Малея на непаведамленне інфармацыі адхілілі і ў Вярхоўным судзе як апошняй судовай інстанцыі. Маўляў, не абавязвае закон інфармаваць менавіта пра гэта.