"Брэстаблсаюздрук": "Зведвае санкцыі" не адзін толькі "Брестский курьер"

Намеснік дырэктара “Брэстаблсаюздруку” Таццяна Зіневіч пракаментавала Еўрарадыё нядаўняе абмежаванне ў рознічным продажы недзяржаўнай газеты “Брестский курьер”. Зіневіч: "Раней усе продажы ў гандлёвых сетках ішлі праз “Брэстаблсаюздрук”, а цяпер яны працуюць напрамую. Прычым прыбытак у гандлёвых сетак такі самы, як і той, што яны мелі ад нас".

Паводле Таццяны Зіневіч, з-за гэтага "ёсць доля крыўды", бо яны "нарасцілі абароты, а карыстаюцца нашай працай без нашага ўдзелу". Намесніца дырэктара кажа, што пацярпеў не адзін толькі “Брестский курьер”, “зведваюць санкцыі” і іншыя газеты. Прыкладам, калі не прадаецца больш за 30% прызначанага для распаўсюду накладу.

Рэдактар газеты Мікалай Аляксандраў лічыць, што “Брэстаблсаюздрук”, які валодае манапольным правам распаўсюду, цісне найперш на недзяржаўныя выданні. А ў афіцыйнай прэсе, якая таксама прадаецца не толькі ў шапіках “Аблсаюздруку”, ёсць высокапастаўленыя абаронцы.