БРСМ перад выбарамі шпурляецца бульбай і працуе “вконтакте”

Апазіцыйныя партыі яшчэ толькі вырашаюць, ісці ім на выбарах да канца або звярнуцца да байкоту. А вось афіцыйныя аб’яднанні для сябе ўжо ўсё вырашылі. Як стала вядома Еўрарадыё, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ладзіць агульнабеларускі марафон “Моладзь і выбары – формула адказнасці”. У праграме гэтай акцыі – флэш-мобы, конкурсы па шпурлянні бульбай і агітацыя ў інтэрнэце. У Цэнтральным камітэце БРСМ сцвярджаюць, што аб’яднанне не мае цэласнай стратэгіі на выбарчую кампанію. Прынамсі начальнік упраўлення па сувязях са СМІ Яўген Галін пра яе не ведае.

Галін: “Агульнага цэнтру няма як такога, таму нічога пакуль больш падрабязна сказаць не магу”.

На афіцыйным сайце БРСМ таксама няма ніякіх прыкметаў таго, што арганізацыя заўважыла будучыя выбары. Аднак Еўрарадыё стала вядома, што агульнабеларускую кампанію аб’яднанне ўсё ж ладзіць. Называецца гэта рэспубліканскім марафонам “Моладзь і выбары – формула адказнасці”. Галоўная задача акцыі – прыцягнуць моладзь на выбарчыя ўчасткі. Па рэгіёнах распаўсюдзілі інструкцыі, ў якіх рэкамендавана правесці мясцовыя акцыі з распаўсюдам значкоў, каляровых стужачак, брашурак ды іншай рэкламнай прадукцыі.

Як высветліла наша віцебская карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская, ідэі ў бээрэсэмаўцаў бываюць даволі нечаканыя.

Сташэўская: “Сярод запланаваных мерапрыемстваў – акцыя “Забі ў сабе гародніну!”, падчас якой члены БРСМ будуць частаваць мінакоў агуркамі ды памідорамі і прапаноўваць ім шпурляцца бульбінамі у імітаваную выбарчую урну. У дзень выбараў моладзі, якая прыйдзе на выбарчыя участкі кампаніяй больш за пяць чалавек, абяцаюць раздаваць білеты на дыскатэкі, канцэрты, гульні клуба вясёлых ды знаходлівых”.  

Акрамя таго, у некаторых раёнах Віцебшчыны плануюцца дыскатэкі пад назвай “Галасаваць – гэта модна!”, спартыўныя марафоны “Дарагі выбар”, акцыі “Прыйдзі на выбары з сябрамі”. А раздаваць запрашальныя квіткі на культурныя мерапрыемствы БРСМ збіраецца і тым, хто разам з сябрамі прыйдзе на выбары датэрмінова.

Шукаюць новыя формы і брэсцкія бээрэсэмаўцы. Яны таксама збіраюцца “забіваць у сабе гародніну”, але яшчэ і працаваць у інтэрнэт-прасторы – на сайтах універсітэтаў і ў нядаўна яшчэ модным сайце “вконтакте”. Не абыдзецца, вядома, і без традыцыйных формаў – зладжаных ва ўніверсітэтах гутарак са студэнтамі на “арыгінальныя” тэмы “Чаму я іду на выбары”, “Голас моладзі – будучыня Беларусі”.

У Гродне сябры БРСМ прыгадалі такія акцыі, як флэш-мобы. Іх пастараюцца рабіць кожны тыдзень, але сюжэты флэш-мобаў мясцовыя дзеячы пакуль трымаюць у сакрэце.

А вось у цэнтральнай Беларусі, як даведаўся карэспандэнт Еўрарадыё Іван Юрашчык, чальцы БРСМ паставіліся да кампаніі як да звыклай руціны. У Ляхавіцкім раёне яны будуць удзельнічаць у агітацыйнай кампаніі за кандыдатаў ад улады, а таксама назіраць за галасаваннем. У Нясвіжы з бээрэсэмаўцаў складаюцца агітацыйна-прапагандысцкія групы, якія будуць агітаваць моладзь і тлумачыць, як і за каго трэба галасаваць.

Іван Юрашчык: “У Баранавічах БРСМ збіраецца назіраць за выбарамі, хаця ў выбарчых камісіях, паводле інфармацыі з уладных структураў, прадстаўнікоў ад БРСМ як ад грамадскай арганізацыі, няма. Як, дарэчы і ад “Белай Русі”.



Пры дапамозе Івана Юрашчыка, Аліны Кашкевіч, Антона Барэ

Фота — БРСМ