Брытанія ратыфікавала Лісабонскую дамову

Палата лордаў брытанскага парламента ратыфікавала Лісабонскую дамову. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што гэты базавы дакумент, закліканы замяніць Канстытуцыю ЕС, што не прайшла зацверджання, адрынулі падчас рэферэндума грамадзяне Ірландыі.
Як падкрэсліў у сувязі з гэтым брытанскі прэм'ер-міністр Гордан Браўн, каб уступіць у сілу, дамову мусяць ухваліць усе без выключэння 27 краін-чальцоў Еўрасаюза.

"Мы паважаем (рашэнне) ірландцаў, але таксама мы мусім паважаць і іншыя краіны, якія разглядаюць дамову і ратыфікуюць яе", - заявіў прэм'ер.

Сёння кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краін ЕС на саміце ў Бруселі паспрабуюць знайсці выхад з чарговага палітычнага крызіса. Як паведамляе "Інтэрфакс", яны паспрабуюць пераканаць ірландскага прэм'ера Браяна Коўэна правесці паўторнае галасаванне.

Усе астатнія краіны, акрамя Ірландыі, павінны ратыфікаваць Лісабонскую дамову ў нацыянальных парламентах. Пакуль такая ратыфікацыя адбылася ў 19 краінах ЕС.