Брытанскі “Арсенал” запазычыўся Мінскай спартовай школе за Глеба

350 тысяч еўра чакаюць у мінскай дзіцяча-юначай школе “Дынама” ад брытанскага футбольнага клубу “Арсенал”. Гэтая справа цягнецца ўжо другі год.
Так, існуе адмысловая сістэма Міжнароднай асацыяцыі футбола, згодна з якой пасля пераходу беларускага футбаліста Аляксандра Глеба з нямецкага “Штутгарту” ў англійскі “Арсенал” брытанцы павінны выплаціць мінскай СДЮШАР “Дынама”, у якой пачала трэніравацца беларуская зорка, 5 працэнтаў ад кошту кантракту.

Мінская школа праз асацыяцыю “Беларуская федэрацыя футболу” звярнулася з афіцыйным патрабаваннем паўплываць на “Арсенал” у ФІФА.

Канфліктная палата ў Жэневе абавязала англійскі клуб разлічыцца з беларусамі да 27 снежня 2006 году. Але справа на гэтым і скончылася. Мы вырашылі даведацца ў дырэктара славутай СДЮШАР Валянціна Дамашэвіча, ці ёсць пэўныя зрухі ў гэтым пытанні:

“Гэтыя грошы на рахунак школы ніколі не прыйдуць. Справа ў тым, што школа не мае валютнага рахунку.

Калі ўпершыню зайшла размова пра гэтыя грошы, хацелі зрабіць гэта, але потым Рэспубліканскі савет “Дынама” вырашыў, што грошы прыйдуць на іх рахунак. А так плануецца, што сродкі пойдуць на рэканструкцыю нашага спартовага гарадка.”

Пазіцыю Беларускай федэрацыі футболу Еўрарадыё патлумачыў намеснік старшыні Ігар Заічкаў. На яго погляд, сітуацыя не асабліва змянілася за апошнія два гады. Мы пацікавілася, ці быў адказ ад ФІФА на лісты з Мінску:

“Рэакцыя ніякая. Проста няма аніякага адказу. На гэты момант нашая федэрацыя адправіла ў ФІФА яшчэ два лісты. Ніякай рэакцыі па грошах пакуль няма. З чым гэта звязана, я сказаць не здольны, таму што гэтым займаецца амаль што сам Блатэр.

Частка грошаў будзе ўручана трэнеру, які выхоўваў Глеба. Але ж спачатку трэба атрымаць гэтыя грошы. Абедзве федэрацыі ў курсе праблемы, але сітуацыя не вызначаная.”


Урэшце Еўрарадыё вырашыла даведацца погляд агента беларускай футбольнай зоркі Мікалая Шпілеўскага. Высветлілася, што ні сам Аляксандр, ні яго прадстаўнік на міжнароднай арэне нават не ўяўлялі, што “Арсенал” да гэтага моманту не выплаціў грошы мінскай школе:

“У кожным разе грошы будуць выплачаны. Іншае пытанне — калі. Па-іншаму проста не можа быць, бо закон адзіны для ўсіх клубаў. А чаму “Арсенал” менавіта цягне з выплатай… Я не веру, што яны забыліся ці не ведалі.

Я думаю, што ўсё вырашыцца ў лепшы бок і ў хуткім часе. Маёй і Сашавай марай заўсёды было, каб на тым месцы, дзе ён трэніраваўся, гэтыя грошы былі размеркаваны такім чынам, каб было штосьці створана для дзяцей. Таму што самае галоўнае — гэта дэфіцыт трэніровачных палёў.

Гэта рэальныя грошы для будаўніцтва новага поля на тым месцы, дзе Александр Глеб калечыў ногі. Зараз жа я лічу, што гэта злачынства — трэніравацца дзецям на асфальтавым полі”.

Як бы там ні было з грашыма, але ж маладыя беларускія футбалісты працягваюць займацца на старым полі з асфальтавым пакрыццём. Насамрэч, можа яно і лепш, калі будучыя глебы прызвычаяцца дасягаць станоўчых вынікаў менавіта ў такіх умовах?

Першы трэнер Аляксандра Глеба Уладзімір Сінякевіч нават падзяліўся са слухачамі Еўрапейскага радыё цікавай гісторыяй, звязанай з гэтым асфальтам:

“Калі немцы прыязджалі і пабачылі нашу пляцоўку, то пажартавалі наконт нашага дзіцячага футбольнага поля. Нібыта, калі б у іх была такая пляцоўка, то яны выхавалі б і не аднаго Глеба.”

Фота — http://ru.uefa.com