Брытанскі міністр назваў умовы ўваходжання Беларусі ў Еўрасаюз

Калі ў будучыні Беларусь будзе адпавядаць эканамічным і палітычным крытэрам, яна можа стаць сабрам Еўрасаюза. Такое меркаванне выказаў міністр па справах ЕС Вялікабрытаніі Дэвід Лідынгтан на лекцыі ў Інстытуце міжнародных адносін Віленскага ўніверсітэта. Па яго словах, якія перадае партал DELFI, гэта можа здарыцца толькі ў тым выпадку, калі Беларусь сама захоча стаць сябрам Еўрасаюзу. Акрамя таго, наша краіна павінна стварыць дэмакратычную палітычную сістэму, у якой палітычныя партыі дзейнічалі б свабодна, працавала б незалежная судовая сістэма, захоўваліся б свабода слова, сходаў і іншыя дэмакратычныя свабоды.

На думку Лідынгтана, сяброўства ў ЕС павінна быць адкрыта для кожнай еўрапейскай краіны, якая сама хоча далучыцца і, што самае важнае, адпавядае крытэрам ЕС. Брытанскі міністр кажа, што імкненне ўступіць у Еўрасаюз можа быць выдатным імпульсам для дэмакратызацыі дзяржавы. Гэта відаць па краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, досведзе Іспаніі і Грэцыі.