Будаўнікі ўвагналі жыхароў Іванава ў шумавую дэпрэсію
Яны дзень і ноч адкачваюць ваду з будоўлі каналізацыйнай помпавай станцыі.
Катлаван глыбінёй 5 метраў на вуліцы Паркавай трапіў на плывун, і будаўнікі ніяк не могуць яго асушыць. Далучылі ўжо тры помпы. Апошняя самая шумная, дызельная.
Жыхар дома побач Дзмітрый Балюк кажа: “Ужо больш за месяц стаіць тэхніка, гудзіць кран, гудзяць помпы. Дзеці ў нас малыя, трое, шматдзетная сям’я. Немагчыма адпачыць. Днём яны не могуць спаць, таму што шуміць тэхніка. На вуліцы кран, аўтамабілі, ніякіх папераджальных знакаў, не адгароджана, таму іх не выпускаем. У агародзе нельга працаваць. Гэта ўсё дзейнічае на псіхіку, стамляешся ад шуму”.
Дамы з другога боку вуліцы яшчэ бліжэй да будоўлі. Там людзі перайшлі ў дальнія ад вуліцы пакоі. У адну сям’ю прыехаў у адпачынак сын з Мурманска, але мусіў з’ехаць з-за шуму.
Будаўнікі кажуць, што калі не атрымаецца асушыць катлаван помпамі, будуць свідраваць артэзіянскую свідравіну. Варыянт пераносу станцыі пакуль не разглядаецца.
