“Будуць саджаць тых, хто прыедзе”: ці варта палітуцекачам вяртацца ў Беларусь?

“Будуць саджаць тых, хто прыедзе”: ці варта палітуцекачам вяртацца ў Беларусь?

Пасля падзей жніўня 2020 года шмат беларусаў былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. Жыццё без ператрусаў і гвалту наводзіць некаторых уцекачоў на думкі пра вяртанне на радзіму. Маўляў, здаецца, што можна ціхенька праскочыць праз кардон, ціхенька ўладкавацца, пабачыць сваякоў ды знаёмых. Прыязджаеш — а на парозе ГУБАЗіК. З вяртаннем!

Ці ёсць сэнс рызыкаваць у такой сітуацыі? Кіраўнік дабрачыннай арганізацыі BY_[дапамога па-англійску] Аляксей Лявончык лічыць, што калі няма вострай неабходнасці, то лепей не ехаць.

— Лукашэнкаўцы паводзяць сябе як СССР, — расказвае Аляксей у эфіры Еўрарадыё. — Ім важна, каб людзі ехалі, але пры гэтым ім важна пакараць апанентаў. Настолькі важна, што яны будуць саджаць тых, хто прыедзе. Прычым гэта рулетка — нехта праедзе, а нехта не праедзе. А той, хто праедзе, можа, як Севярын Квяткоўскі, трапіць у рукі ГУБАЗіКа каля дзвярэй свайго дома. “Ну я ж праехаў, усё добра”.

Уявім, што прага пабачыць родныя мясціны пераважвае. Дома адбываецца “хапун”, вас трымаюць за кратамі альбо раптоўна выпускаюць. Што рабіць і чым можа дапамагчы BY_[дапамога па-англійску]?

— BY_[дапамога па-англійску], як і раней, разам з нашымі партнёрамі працягвае плаціць выдаткі на штрафы, адвакатаў, — расказвае Аляксей Лявончык. — Гэта мы зможам аплаціць, калі гэта будзе не крымінальная справа. Мы не зможам выцягнуць вас з турмы. Мы можам падтрымаць сям’ю арыштаванага, які ідзе па крымінальнай справе. Такіх збораў ужо былі дзясяткі. Інфраструктура дапамогі ёсць. Мы дапаможам выехаць, калі вас занеслі ў спіс невыязных і вы не хочаце чакаць некалькі гадоў, каб сесці. Можа, Лукашэнка не вытрымае некалькі гадоў, але тым не менш.

[Ініцыятыва Андрэя Стрыжака] можа стварыць асабісты збор пад патрэбы вашай сям’і, калі вы доўга сядзіце. На жаль, такіх сем’яў вельмі шмат. Афіцыйна ўжо 1022 чалавекі, якія лічацца палітзняволенымі. Частка людзей, якія могуць звярнуцца да [ініцыятывы Андрэя Стрыжака], баяцца, што [ініцыятыва Андрэя Стрыжака] гэта экстрэмісцкая арганізацыя і да іх таксама могуць прыйсці.

BY_[дапамога па-англійску] займаецца толькі штрафамі і медвыплатамі. Але калі сям’я палітзняволенага знаходзіцца ў вельмі кепскай сітуацыі, то мы можам разгледзець пытанне ў індывідуальным парадку, калі чалавек не хоча адкрыта ісці да [ініцыятывы Андрэя Стрыжака] і вывешваць збор сродкаў публічна. Калі хоча — зборы [ініцыятывы Андрэя Стрыжака] працуюць цудоўна. Тут ужо пытанне, ці хоча чалавек ісці на кантакт.

Ехаць ці не ехаць — гэта ваша рашэнне. Проста памятайце, што калі ёсць рызыка, што вы сядзеце, то на свабодзе вы можаце зрабіць куды больш, чым вы зробіце ў турме, — раіць Аляксей Лявончык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.