Былога прэтэндэнта на прэзідэнта звольнілі з працы за прагулы

Загад аб звальненні за прагул атрымаў 1 лістапада былы прэтэндэнт па пасаду прэзідэнта, начальнік знешнеаканамічнанага сектара Віцебскага пладовагародніннага камбіната "Ноўка" Сяргей Рыжоў. У якасці прагула, кажа Рыжоў, разглядаецца дзень, калі ён быў спачатку ў паліклініцы, а потым – у судзе. Але дакументы, якія пацвярджаюць гэты факт, кажа Рыжоў, кіраўніцтва камбіната да ўвагі не прыняло.
Рыжоў: "Разглядаецца сітуацыя па 4 кастрычніка, калі я быў вымушаны выклікаць участковага лекара ў сувязі з абвастрэннем хранічнага захворвання. Таксама ў мяне была позва ў абласны суд, дзе разглядалася мая скарга па факце адмовы ў рэгістрацыі Левінава Паўла ў якасці прадстаўніка ў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Там я таксама прысутнічаў з 12 гадзін. Кіраўніцтву былі пададзеныя ўсе неабходныя дакументы па гэтых фактах, незаконна выдалі загад аб маім звальненні".

Больш за тое, амаль адначасова быў звольнены з працы і былы кіраўнік яго ініцыятыўнай групы.

Рыжоў: "Вымусілі звольніцца з гэтага прадпрыемства па пагадненні бакоў кіраўніка ініцыятыўнай групы Гіцовіча Данііла. У мінулую пятніцу ён адпрацаваў свой апошні дзень на прадпрыемстве".

Як заявіў Еўрарадыё Сяргей Рыжоў, ён не збіраецца спакойна падпарадкоўвацца загаду кіраўніцтва камбіната і будзе бліжэйшым часам абскарджваць загад аб сваім звальненні праз суд. Праўда, прызнаўся, што ў правасуддзе не верыць і поспеху наўрад ці даб’ецца.