Былы муж выкраў у беларускі ў ЗША дачку і ўцёк у Расію

У ЗША расійскі грамадзянін выкраў дачку ў сваёй былой жонкі-беларускі. Разам з дзіцем ён уцёк у Расію, паведамляе "Польскае радыё" са спасылкай на амерыканскія СМІ. Справай заняліся праваахоўныя органы Злучаных Штатаў, бо 8-гадовая Аліна з'яўляецца амерыканскай грамадзянкай.

Кацярына Грамовіч з Мазыра прыехала ў Штаты ў 2004 годзе. У 2013-м, пасля васьмі гадоў сумеснага жыцця, яна развялася з расійскім грамадзянінам Русланам Усманавым. Пасля разводу мужчына атрымаў права праводзіць з дачкой выходныя.

15 чэрвеня пасля выходных бацька не прывёз 8-гадовую Аліну ў школу. Калі Кацярына Грамовіч затэлефанавала мужу, слухаўку падняла дачка і сказала, што яна ў Расіі. Па яе словах, бацька ў аэрапорце ёй тлумачыў, што яны паляцяць у Каліфорнію.

Праз пэўны час ФБР пацвердзіла, што Руслан Усманаў з дачкой перасяклі расійскую мяжу. Былы муж даслаў Кацярыне электронны ліст, у якім напісаў, што яны выехалі з ЗША і не вернуцца назад.

Аліна з'яўляецца грамадзянкай ЗША. Але Усманаў без згоды былой жонкі зрабіў дачцэ расійскі пашпарт у консульстве РФ у Нью-Ёрку. На тэрыторыі Расіі Аліна лічыцца грамадзянкай Расійскай Федэрацыі, таму амерыканскія органы могуць зрабіць няшмат.

Кацярына хвалюецца за дачку, бо раней Усманаў ужываў гвалт у сям’і і аднойчы яго нават арыштавала паліцыя. Супраць яго вылучаныя некалькі крымінальных абвінавачванняў за насілле супраць жонкі і дачкі.

Праз некалькі дзён Усманаў даслаў чарговы мэйл з паведамленнем, што яны з дачкой едуць ва Узбекістан — сваю радзіму. Пасля гэтага сувязь з ім спынілася.

Сябры Кацярыны Грамовіч стварылі адмысловы сайт alinadonation.com, праз які заклікаюць усіх неабыякавых рабіць ахвяраванні, бо вяртанне Аліны ў ЗША можа заняць шмат часу і грошай.