Былы вакаліст Bush плануе сольнік
Былы вакаліст брытанскага гурта Bush Гевін Росдэйл, які ў апошні час трапляе на старонкі друку выключна дзякуючы сваёй жонцы Гвэн Стэфані, пачаў працаваць над сольным альбомам. Запісваць дыск музыке будзе дапамагаць вядомы прадзюсар Боб Рок, які раней працаваў з Metallica, Motley Crue і Bon Jovi. Як паведамляе Гевін на сваім афіцыйным сайце, «у бліжэйшы час ён пачынае працаваць еад сваім сольным альбомам».
У яго разам з Бобам Рокам «ужо склалася выдатная каманда. І па бліжэйшых планах частка матэрыялу будзе запісвацца ў Лос-Анжэлесе, а частка - на Гаваях, дзе жыве зараз Боб». На сайце музыка дзеліцца сваімі пачуццямі і прызнаецца, што «яго вельмі натхняе перспектыва працы з такім чалавекам». Але ніякіх прагнозаў на магчымы час з'яўлення кружэлкі Гевін пакуль не робіць.
Нагадаю, што пасля таго, як у 2002 годзе Bush разваліўся, Росдэйл рабіў спробу вяртання на сцэну ў складзе гурта Institute, але не магу сказаць, што паспяхова.
Фота features.yahoo.com