Частка Брэсцкага БНФ адмовілася ад удзелу ў партыйным з’ездзе

Частка чальцоў Партыі БНФ Брэсцкай вобласці прыняла афіцыйнае рашэнне не ехаць на 13-ы партыйны з’езд. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сябра Партыі БНФ Уладзімір Вялічкін:
"Маларыцкая раённая арганізацыя Партыі БНФ, суполка Усход-1 Брэста і асабіста Аляксандр Комлеў, які балатаваўся ў Брэсцкі гарсавет, дакументальна аформілі і даслалі на адрас кіраўніцтва партыі рашэнне не браць удзел у з’ездзе. Прычына: парушэнні Статута партыі пры абранні дэлегатаў на з’езд".

Спадар Вялічкін нагадаў, што было прынятае рашэнне, паводле якога на з’езд ехалі тыя чальцы партыі, якія бралі ўдзел у выбарах. Акрамя таго, ім надавалася права запрасіць з сабой пэўную колькасць людзей у якасці дэлегатаў з’езда. Тыя, хто “не браў удзелу ў выбарах”, атрымлівалі мізэрную квоту дэлегавання.

Пазачарговы 13-ы з’езд Партыі БНФ мае адбыцца ў Палацы культуры Трактарнага завода ў Мінску 29 траўня.

Чытай таксама:

Раскол у Партыі БНФ: партыйцы вінавацяць кіраўніцтва ў парушэнні Статуту

Сойм Партыі БНФ змяніў парадак вылучэння дэлегатаў на нечарговы з'езд