Чэхі памылкова апублікавалі ў інтэрнэце спіс сваіх дзейных агентаў

Чэшскі Інстытут даследавання таталітарных рэжымаў (USTR) з-за недагляду разам са спісам агентаў камуністычных службаў бяспекі апублікаваў на сваёй інтэрнэт-старонцы прозьвішчы дзейных агентаў. Спіс, атрыманы з архіваў вайсковай разведкі, быў бачны на інтэрнэт-старонцы ад красавіка да чэрвеня. Доступ да яе мелі ўсе наведнікі сайту USTR.

У спісе было 380 асобаў. Сярод іх - і тыя, хто пасля 1989 году застаўся служыць у таемных службах Чэшскай Рэспублікі. Гэтай публікацыяй USTR паставіў іх у небяспечнае становішча. Акрамя таго, у спіс трапілі дыпламаты, якія ад нядаўна працуюць на розных пасадах у чэшскіх дыппрадстаўніцтвах, інфармуе onet.pl.

Разведслужбы вінавацяць інстытут, яго ж супрацоўнікі ўсю адказнасць за публікацыю ўскладаюць на войска. Чэшскі эксперт у справе разведслужбаў і былы кіраўнік вайсковай разведкі Іржы Ружак мяркуе, што публікацыя спісу - "вялікая праблема". На яго думку, усе, чые прозьвішчы балі апублікаваныя, мусяць вярнуцца на радзіму.