Чэшскі Хельсінскі камітэт падтрымаў беларускую апазіцыю

Пра гэта гаворыцца ў лісце, дасланым з Прагі ў Мінск пры пасярэдніцтве Беларускага Хельсінскага камітэту.

Аўтары ліста кажуць, што вельмі высока цэняць "разнастайнасць поглядаў і пазіцый беларусаў, якія супрацьстаяць аўтарытарнай палітычнай сістэме дыктатара Лукашэнкі".


"Той факт, што дзеля гэтай мэты аб’ядналіся ліберальныя дэмакраты, хрысціянскія і сацыяльныя дэмакраты, апазіцыйныя камуністы і людзі іншых ідэйных арыентацый, сведчыць пра тое, што вашая Беларусь – Беларусь дэмакратычнай апазіцыі і праваабаронцаў ужо цяпер з’яўляецца часткай Рады Еўропы і Еўрапейскага Саюзу і што ў будучыні яна зойме ў гэтых еўрапейскіх структурах месца, якое ёй належыць", -сцвярджаюць аўтары ліста.

"Мы лічым, што Чэшская Рэспубліка, таксама як Еўрасаюз і Рада Еўропы, членам якой Чэхія з’яўляецца, павінныя падтрымліваць вашыя намаганні як з пункту погляду парушэння і шанавання правоў чалавека ў Беларусі, так і ў інтарэсах Беларусі як сацыяльнай дзяржавы, а з часам і дэмакратычнай прававой дзяржавы", - гаворыцца ў лісце.