"Чорны спіс" беларускіх чыноўнікаў можа быць пашыраны
У Бруселі гэтае пытанне абмяркуюць міністры замежных спраў ЕС.
Рашэнне аб пашырэнні спісу беларускіх чыноўнікаў, якім забараняецца ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза, можа быць прынятае сёння ў Бруселі на сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС. Чакаецца, што еўрапейскія міністры ўключаць у спіс яшчэ амаль два дзесяткі тых беларускіх суддзяў і пракурораў, якія разглядалі нядаўнія справы супраць удзельнікаў акцыі 19 снежня. Таксама маюць быць унесеныя ў "чорны спіс" і кіраўнікі ВНУ, якія адлічваюць студэнтаў за палітычную актыўнасць, інфармуе Радыё Свабода.
Нагадаем, 31 студзеня сёлета Савет міністраў замежных справаў ЕС забараніў уезд на сваю тэрыторыю 158 беларускім чыноўнікам на чале з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі сталі адказам на рэпрэсіі ўладаў супраць апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.
Фота — rus.ruvr.ru