“Чорныя археолагі” наведалі легендарны горад Казімір

“Чорныя археолагі” дабраліся да легендарнага горада Казіміра, які адшукаў у Светлагорскім раёне прафесар Сяргей Рассадзін.
Некалькі групаў “пашукавікоў”, узброеных металадэтэктарамі, з восені 2006 года праводзілі несанкцыянаваныя раскопкі ў вёсцы Каралеўская Слабада. Мясцовым жыхарам яны называліся ўдзельнікамі археалагічных экспедыцый і нават плацілі за магчымасць капаць на іх гародах.

Нагадаем, Сяргей Рассадзін знайшоў у архівах згадку пра горад Казімір, які быў спалены ў 1655 годзе падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай і ўжо не аднавіўся. Летась ён праводзіў раскопкі ў вёсцы Каралеўская Слабада і па іх выніках заявіў, што Казімір знойдзены.

Нядаўна Рассадзін пачаў рыхтаваць новую экспедыцыю. Жыхары Каралеўскай Слабады сведчаць, што «чорныя археолагі» падчас раскопак знайшлі невялікую іконку з выявамі трох святых, а таксама некалькі манет, датаваных 1170-м і 1850 гадамі, паведамляе газета “Рэспубліка”.