Ці перабудуюць цэнтр Брэста пад гатэлі і аўтасалоны?

Прынамсі, такая прапанова прагучала ад архітэктара Міхаіла Гайдуковіча. У Брэсце прайшло выязное паседжанне Рады па гісторыка-культурнай спадчыне пры Мінкульце. На ім разглядаліся пытанні аховы архітэктурнай спадчыны абласнога цэнтру.

Як распавяла Еўрарадыё архітэктар Ірына Лаўроўская, станоўчае рашэнне было прынятае па архітэктурным помніку - драўлянай габрэйскай сядзібе Вайбургаў. Яе адрэстаўруюць і ператвораць у сядзібу майстроў:

Лаўроўская: Прынятае рашэнне на два месяцы. Дадзенае даручэнне аддзелу культуры гарвыканкаму, галоўнаму архітэктару і яго службе, каб быў распрацаваны праект парпановы для інвестараў.

Таксама па словах Лаўроўскай, архітэктар Гайдуковіч прапанаваў свой эскіз пераробкі гістарычнага цэнтры Брэста.

Лаўроўская: Тое, што было прапанавана Міхаілам Гайдуковічам, - гэта гатэлі, гэта аўтасалоны, гэта іншыя элементы сучаснага жыцця... Яны, безумоўна, прынеслі б грошы. Але яны проста б знішчылі той ландшафт, тую крэпасць, якая з'яўляецца помнікам нулявой катэгорыі — гэта трэба памятаць.

Сама спадарыня Лаўроўская прапанавала архітэктурны эскіз з захаваннем гістарычнай забудовы. Аднак, па яе словах, гэта хутчэй пастаноўка праблемы, а не паўнавартасная канцэпцыя.