Ці законна ДАІ сочыць за кіроўцамі "з-за кустоў"?
ДАІ будзе сачыць за кіроўцамі на цывільных аўтамабілях і з дапамогай схаваных камер на трасе
Аўтаінспекцыя выдзяліла дадатковыя нарады дарожна-паставой службы для схаванага кантролю за дарожным рухам. Цяпер яшчэ больш супрацоўнікаў ДАІ будзе ездзіць на звычайных аўто без спецыяльнай расфарбоўкі і фіксаваць на камеру-радар парушэнні. Таксама на трасах усталююць схаваныя камеры за 2 км да паста ДПС. Парушэнне, знятае на камеру, будзе лічыцца зафіксаваным.
Наколькі законнае такое патруляванне, Еўрарадыё запыталася ва ўладальніка сайта stop-gai.by Аляксандра Старычэнкі.
"Цалкам законна. Схаванае нясенне службы. У шмат якіх краінах гэта ёсць. Тут можа весціся і схаваны, і адкрыты кантроль хуткасці. Міліцыянер будзе стаяць і паказваць што ён ёсць? Ну так, ён будзе гэта рабіць, дзеля папярэджання ДТЗ. Але пагадзіцеся: за 2 кіламетры ўсе паміргаюць фарамі, скінуць хуткасць, міліцыянера праедуць — і паедуць далей, як хочуць".
Чаму ж тады ўсім супрацоўнікам ДАІ не пераапрануцца ў цывільную вопратку і не перасесці на аўто цывільных колераў? Пра гэта Еўрарадыё запыталася ў саміх ДАІшнікаў.
"Мы жа не закліканыя толькі караць. А тое, што супрацоўнік ДАІ стаіць, дысцыплінуе кіроўцу. Кіроўца ведае, што яго парушэнне могуць зафіксаваць, і змяншае хуткасць і неяк больш ветліва сябе паводзіць", — патлумачылі Еўрарадыё сітуацыю ў прэс-службе ДАІ.
А схаваны кантроль існуе дзеля таго, каб кіроўца ведаў: за ім сочаць паўсюль, і ён ніяк не ўтоіцца.
ДАІ: "А схаванае назіранне — каб кіроўцы ведалі, што ў любым месцы за імі можа весціся назіранне. Вось адзін раз пакараюць — і кіроўца будзе ведаць, што ДАІ патрулюе ўсюды".
Так што цяпер аўтамабілістам давядзецца ездзіць больш асцярожна. На абсалютна законных падставах за кіроўцамі могуць сачыць "з-за кустоў" і выпісваць за парушэнні штрафы.
Малюнак: Вольга Громава