Ціхан і Дзевятоўскі зноў паехалі ў арбітражны суд у Лазану

Беларускія спартоўцы Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі, абвінавачаныя ва ўжыванні забароненых прэпаратаў, накіраваліся ў Лазану. Там, паведамляе "Інтэрфакс", 25-27 студзеня ў Спартовым арбітражным судзе пройдуць судовыя слуханні па іх справе. Па звестках агенцтва, на працягу двух бліжэйшых месяцаў суд павінен прыняць рашэнне па справе Ціхана і Дзевятоўскага.

Нагадаем, спартоўцы па выніках допінг-проб, узятых на Алімпіядзе ў Пекіне, былі абвінавачаныя ва ўжыванні забароненых прэпаратаў. На спаборніцтвах кідальнікаў молата на Алімпійскіх Гульнях 2008 года Дзевятоўскі заняў другое месца, Ціхан - трэцяе.

Калі віна спартоўцаў будзе даказаная, то Ціхан будзе дыскваліфікаваны на два гады, а Дзевятоўскі - пажыццёва, бо абвінавачаны ва ўжыванні допінгу ў другі раз.

Як казалі самі спартоўцы, абарона сваіх інтэрасаў у судзе ім ужо абыйшлася ў 200 тыс.долараў.