Ціхану і Дзевятоўскаму вярнулі медалі за Пекінскую алімпіяду

Беларускім атлетам Вадзіму Дзевятоўскаму і Івану Ціхану вярнулі алімпійскія медалі, якія ў іх забралі па патрабаванні Міжнароднага алімпійскага камітэту пасля “допінгавага скандалу”. Нагадаю, што дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта 11 снежня 2008 года прыняла рашэнне ануляваць вынікі беларускіх кідальнікаў молата, якія яны паказалі на Алімпіядзе-2008. Было аб’яўлена, што ў спартсменаў знойдзена перавышэнне дапушчальнага ўзроўня мужчынскага гармона тэстастэрона. Два гады Дзевятоўскі і Ціхан аспрэчвалі гэта рашэнне праз суд у Лазане і ў выніку перамаглі. 5 жніўня алімпійскія медалі ім вернулі. Але каштавала гэтая барацьба спратсменам больш за 500 тысяч долараў.

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў Вадзіма Дзевятоўскага, ці будуць ім кампенсаваныя гэтыя выдаткі. 

Вадзім Дзевятоўскі: “Дзяржава абяцае вярнуць прызавыя, але і наўрад ці хопіць, каб кампенсаваць усё. Калі не — будзем з Іванам самі вяртаць”. 

Каб аплочваць выдаткі на суд, спартсмены ўзялі крэдыт у банку пад заклад маёмасці. Зараз гэтыя грошы неабходна вяртаць. Дзевятоўскі кажа, што разглядаецца іншая магчымасць вяртання грошай.

Вадзім Дзевятоўскі: “Не выключаны варыянт, што мы будзем распачынаць яшчэ адну справу — аб кампенсацыі”.


Фота Змітра Лукашука