Да канца 2018 года Раскамнагляд пагражае заблакаваць Фэйсбук

Да канца 2018 года Раскамнагляд пагражае заблакаваць Фэйсбук

Ужо да канца 2018 года сацыяльная сетка Фэйсбук можа быць заблакаваная ў Расіі. Пра такую заяву кіраўніка Раскамнагляду Аляксандра Жарава піша "Новая газета". Расійскае ведамства адмовіцца ад блакавання, калі кіраўніцтва сацсеткі пагодзіцца захоўваць звесткі расійскіх карыстальнікаў на тэрыторыі Расіі. 

Жараў падкрэсліў, што збіраецца "прымусіць Фэйсбук да выканання расійскага заканадаўства". Ён паведаміў: "Ёсць некалькі пунктаў, якія мусяць быць выкананыя: лакалізацыя баз даных расійскіх грамадзян на тэрыторыі Расіі, выдаленне ўсёй забароненай інфармацыі — а яны ўжо значна спазняюцца па тэрмінах — і выкананне іншых законаў. Калі нічога з гэтага ці што-небудзь з гэтага не будзе выканана ці расійская дзяржава не будзе праінфармаваная пра намер правесці такія дзеянні, то, відавочна, паўстане пытанне аб блакаванні".

Як вядома, 13 красавіка Таганскі суд Масквы забараніў выкарыстанне месенджара Telegram. Пасля гэтага пачалося блакаванне месенджара па ўсёй тэрыторыі Расіі.