Да канца года пастаўкі расійскага газу ў Беларусь не спыняцца

Пастаўкі расійскага газу ў Беларусь не спыняцца да канца года. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення паліўна-энергетычнага комплексу, хімічнай і фармацэўтычнай прамысловасці Мінэканомікі Раман Шырма.  У чыноўніка запыталі, ці можа расійскі бок прыпыніць пастаўкі газу ў сувязі з наяўнасцю ў Беларусі магчымай запазычанасці за яго імпарт. Па яго словах, пастаўкі газу былі б спыненыя, калі бы Беларусь не выконвала сваіх абавязанняў па яго аплаце.

Разам з тым спыненне паставак газу можа адбыцца з-за аварыі на газаправодзе. Менавіта верагоднасць аварыі, на думку прадстаўніка Міністэрства эканомікі, адна з прычынаў распрацоўкі ўрадам варыянтаў энергазабеспячэння эканомікі і насельніцтва ва ўмовах магчымага скарачэння паставак энерганосьбітаў.

Тым не менш прадстаўнік Мінэканомікі перакананы, што нават у выпадку аварыі ў Беларусі атрымаецца пазбегнуць крытычнай сітуацыі дзякуючы запасам газападобнага, вадкага і цвёрдага паліва.

"Да 20 лістапада запасы газу складуць 800 млн кубаметраў. Разам з тым у самы халодны час Беларусь спажывае каля 90 млн кубаметраў газу ў суткі", — перадае БелаПАН словы Рамана Шырмы.

Паводле іх словаў, эксплуатацыйныя запасы мазуту (больш 500 тыс. тон) дазволяць замясціць спажыванне прыкладна 600 млн кубаметраў газу. Акрамя таго, шэраг кацельняў пераведзеныя на мясцовыя віды паліва, ёсць адпаведныя запасы гэтых відаў паліва.