Да Кіта Рычардса вярнулася памяць

Гітарыст Rolling Stones Кіт Рычардс гатовы падзяліцца з публікой сваімі мемуарамі. Відаць, леташнее падзенне з пальмы актывізавала памяць 63-гадовага рокера. Нагадаю, што раней Рычардс разам са сваім калегай Мікам Джагерам катэгарычна адмаўляліся ад ідэі напісання аўтабіаграфіі – бо ўсю маладосць актыўна ўжывалі наркотыкі і алкаголь, а таму нічога не памятаюць.

Як паведамляе выданне New York Post, Рычардс пагадзіўся правесці перамовы з выдаўцамі, якія зацікаўленыя ў напісанні кнігі пра прыгоды сімвала рок-н-рола, яго ж уласнымі словамі. Агент музыкі Эд Віктор заявіў журналістам, што «гаварыць пра нешта канкрэтна яшчэ рана». Ён прызнаў пры гэтым, што выдаўцы праяўляюць вялізарны інтарэс да мемуараў Рычардса – бо выданне мусіць стаць «найвялікшай рок-н-рольнай кнігай усіх часоў».

Дадам, што за свае мемуары Кіт Рычардс можа атрымаць 5 мільёнаў долараў. А Эд Віктор раней даволі паспяхова прадстаўляў інтарэсы Эрыка Клэптана, дарэчы кніга “Clapton: The Autobiography» выйдзе ўжо сёлета.

Фота: athleticsnation.com