ДАІ "разбярэцца" з паборамі пры абмене правоў кіроўцы
Абмен старых пасведчанняў кіроўцы на новыя адметны не толькі чэргамі, але і незаконнымі паборамі.
У рэгістрацыйным аддзеле на вуліцы Ціміразева ў Ждановічах пры афармленні дакументаў, апрача "законных" 17 500 рублёў за пасведчанне і талон і 4200 за камп'ютарныя паслугі, патрабуюць яшчэ 15 000 рублёў. Гэты ўнёсак прызначаны для фірмы, супрацоўнікі якой запаўняюць бланк за кіроўцаў. Зрабіць гэта самастойна і бясплатна грамадзянам не дазваляюць.
Начальнік прэс-службы УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Жанна Трайно пацвердзіла, што падобная платная "паслуга" законам не прадугледжаная. Яна патлумачыла, што ўзгаданая фірма не мае дачынення да Дзяржаўтаінспекцыі і паабяцала ў гэтай сітуацыі "разабрацца", паведамляе "Рэспублiка".
Фота: data11.gallery.ru