Дарожныя службы не перастануць пасыпаць соллю вуліцы

Дарожныя службы бліжэйшым часам не адмовяцца ад тэхнічнай солі ў якасці антыгалалёднага пакрыцця. Такую заяву зрабіў галоўны спецыяліст дэпартамента "Белаўтадор" Анатоль Адамцэвіч. Па ягоных словам, выкарыстанне тэхнічнай солі апраўданае, найперш, эканамічна. Адна тона солі, якая з'яўляецца адкідамі беларускіх калійных прадпрыемстваў, каштуе прыкладна 8-10 тысяч рублёў. Пры гэтым яна ўжываецца альбо ў чыстым выглядзе, альбо ў сумесі з пяском, у залежнасці ад сітуацыі.

Дарожнікі сцвярджаюць, што ніякай экалагічнай шкоды тэхнічная соль не наносіць,а нават з'яўляецца натуральным угнаеннем. Таму, маўляў, у Мінску ўлетку трава расце так хутка, што яе не паспяваюць скошваць.

Адпрэчыў А.Адамцэвіч і скаргі на саляныя разводы на абутку. Па ягоных словах, гэта залежыць не ад солі. Калі абутак зроблены з натуральнай скуры, то такія разводы з'явяцца пасля прасушкі ў любым выпадку, улетку або ўзімку, — гэта ўласцівасць самой натуральнай скуры. На абутку з сінтэтычных матэрыялаў такіх разводаў не будзе, сказаў спецыяліст "Белаўтадору".

БелаПАН