Дэвід Гілмар сыграе ўжывую палову альбома Pink Floyd

Гітарыст Pink Floyd Дэвід Гілмар выканае жыўцом інструментальную сюіту з альбома "Atom Heart Mother", выдадзенага гуртом у 1970 годзе. Паведамляецца, што канцэрт музыкі адбудзецца 15 чэрвеня ў рамках фэсту Chelsea Festival у Лондане. У выступе прымуць удзел духавы ансамбль Каралеўскага каледжа музыкі, хор Canticum, віяланчалістка Кэралін Дэйл, трыб'ют-бэнд Mun Floyd, а таксама Рон Гізін - сааўтар Pink Floyd па альбоме "Atom Heart Mother".

Усе разам яны выканаюць загалоўную кампазіцыю альбома, 24-хвілінную сюіту, якая складаецца з шасці частак: "Father's Shout", "Breast Milky", "Mother Fore", "Funky Dung", "Mind Your Throats, Please", "Remergence". На арыгінальным дыску 1970 года гэты інструментал займаў увесь першы бок.

Між тым, як піша газета The Guardian, Дэвід Гілмар таксама збіраўся выступіць у чэрвені на фэсце "Гластонбэры", аднак арганізатары найбуйнейшага брытанскага оўпэн-эйра адмовілі музыку на карысць амерыканскага рэпера Jay-Z. Сваё рашэнне яны матывавалі жаданнем прыцягнуць на фэст маладзейшую аўдыторыю. Нагадаем, што ў сёлета арганізатары ўпершыню не змаглі прадаць усе квіткі на "Гластонбэры". Фэст пройдзе з 27 па 29 чэрвеня ў графстве Самерсэт.

Фота: www.digitlife.ru