Duran Duran адыгралі гістарычны канцэрт у Луўры

Знакамітыя Duran Duran запісалі на свой лік чарговае ўнікальнае дасягненне. Брытанцы сталі першымі музыкамі, якія здолелі выступіць у парыжскім Луўры – скарбніцы сусветнага мастацтва і гістарычным помніку сусветнага значэння. Канцэрт адбыўся 10 чэрвеня ў прысутнасці прадстаўнікоў бамонду з усяго свету.

Прыбыткі ад канцэрту будуць накіраваныя ў фонд рэстаўрацыі Галерэі дэкаратыўных мастацтваў Луўрскага музея, у прыватнасці, кабінета Луі XV, створанага ў XVIII-м стагоддзі. Адкрыццё каралеўскай Галерэі пасля рэканструкцыі запланавана на 2011 год.

«Атрымаць запрашэнне выступіць у адным з самых выдатных гістарычных месцаў Парыжу – вялікі гонар для нас, - заявіў франтмэн Duran Duran Сайман Ле Бон. – Мы вялікія аматары мастацтва і неаднаразова любаваліся пышнымі карцінамі ў гэтым музеі. Таму былі вельмі рады зрабіць свой унёсак у збор сродкаў для рэканструкцыі яго павільёнаў».

«Мне вельмі хацелася, каб на твары Моны Лізы нарэшце з'явілася ўсмешка!» - дадаў музыка.

У цяперашні час Duran Duran завяршаюць сваё турнэ па Еўропе ў рамках сусветных гастроляў, якія стартавалі яшчэ летась.

Фота: www.8notes.com