Дзеці дагэтуль карыстаюцца забароненымі камп'ютарамі “Карвэт”

У 2009 г. як мінімум кожная 25-я беларуская школа мусіць мірыцца з састарэлымі кампутарамі.  Між тым старасвецкія «Карвэты» шкодныя для здароўя.

На 22 школьнікі Брэстчыны прыпадае 1 кампутар. У Брэсце на адно працоўнае месца прэтэндуе ўвогуле 30 вучняў. Гэтыя лічбы назваў начальнік аддзела вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкага аблвыканкаму Мікалай Наскоў.

Мікалай Наскоў
шкадуе: Не хутка нагонім страчанае. У суседняй Польшчы, альбо Чэхіі і Славакіі ўжо няма школьных чэргаў на кампутары. Акрамя таго, там ўжо не выкарыстоўваюцца кампутары канца 1990-х.

І тут яшчэ навіна. Нядаўна Брэсцкі абласны гаспадарчы суд вобласці выставіў на продаж маёмасць тамтэйшага электрамеханічнага заводу. Збываюцца ізаляваныя будынкі агульнай плошчай 811 м.кв., 1974 году пабудовы. Стартавы кошт – 24 млн. рублёў.

З вадою сплылі пагрозы Аляксандра Лукашэнкі, які ў 2001 г. наведаў БЭМЗ і забараніў распродаж абсталявання. Тады за прададзеныя станкі і кантэйнеры стратнае прадпрыемства атрымала 40 млн. рублёў. Сума склала палову месячнага фонду аплаты працы.

Менавіта БЭМЗ раней збіраў комплекс навучальнай вылічальнай тэхнікі на базе ПК “Карвет” (комплексны камп'ютарны клас). У вольны продаж клас не паступаў, размяркоўваўся цэнтралізавана. А за кошт таго, што брэсцкі завод падпарадкоўваўся мясцовым уладам, то яшчэ да 1999 г. кожная школа ў рэгіёне атрымала 1-3 і больш камп'ютарных класаў.

Гаворыць Віктар Вясёлаў, настаўнік інфарматыкі ў вясковай школе Драгічынскага раёну: Гэтыя крэмніевыя монстры тым і адрозніваліся ад сваіх замежных братоў, што састарэлі літаральна ў момант вырабу.

Суразмоўца прыгадвае: сёлета санітарная служба вобласці забараніла дзецям працаваць на “Карвэтах” - яны не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, датычных здароўя.

Старыя камп'ютары ў школах ствараюць яшчэ адну праблему. У лабараторыях і кабінетах застаюцца больш як 600 спісаных ПК. Неабходны час, грошы і тэхналогіі, каб павыймаць зь іх каштоўныя металы.

Якой кампутарнай тэхнікай будуць абсталяваныя беларускія школы сёлета? Міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў заявіў у СМІ: – Аснашчанасць сучаснай кампутарнай тэхнікай складае 96%. 82% аўдыторый маюць лакальную сетку, 66% агульнаадукацыйных установаў – доступ да інтэрнэту.

Можна зрабіць выснову, што астатнія 4% школ не маюць кампутараў альбо карыстаюцца афіцыйна забароненым “Карвэтам”.

РэгіёнBy

Здымак з сайта "Народжаныя ў СССР"