Дзецідзяцей прэзентуюць "Рух"

Гурт “Дзецідзяцей” выдае першы ў сваёй гісторыі беларускамоўны альбом пад назвай “Рух”. У плыту ўвойдуць больш за 10 песень, розных па настроі з падкрэслена заўважнай партыяй электрагітары. Пра гэта Еўрарадыё распавяла лідэрка каманды Ганна Хітрык:

Ганна Хітрык: “Песні ёсць розныя: і лірычныя, і сумныя, і маршы, і гімны. Усё, як мы любім. “Дзецідзяцей” засталіся тым жа гуртом, ніякіх джазавых апрацовак мы не спрабавалі. Адзінае, што шмат стала электрагітары. Мабыць таму, што Сеня яе проста набыў”.

Альбом “Рух” быў запісаны на той жа сакрэтнай студыі, дзе і дэбютны дыск гурта “Конверты для снов”. Прэзентацыя новай праграмы “Дзяцей” адбудзецца 4 траўня ў Купалаўскім тэатры.

Ганна Хітрык: “Гэта наша даўняя мара – каб беларускамоўны дыск быў прэзентаваны ў беларускім тэатры. Тым больш нашым любімым тэатры”.

У дзень прэзентацыі новы беларускамоўны альбом “Рух” гурта “Дзецідзяцей” паступіць у продаж у крамы “Містэрыя гуку”.