Дзве абітурыенткі атрымалі па два 100-бальныя сертыфікаты ЦТ

Дзве абітурыенткі атрымалі па два 100-бальныя сертыфікаты цэнтралізаванага тэставання. Пра гэты рэкорд сёлетняй уступнай кампаніі паведамляе БЕЛТА. Па словах дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Беларусі Мікалая Фяськова, раней сярод абітурыентаў вылучаліся ліцэісты і гімназісты Мінску, а ў апошнія гады моцную канкурэнцыю сталічным школьнікам складаюць ліцэісты Магілёва.

Абсалютны лідэр 2009 года па сертыфікатах тэстаў Кацярына Якубёнак — выпускніца Магілёўскага абласнога ліцэя №3. Дзяўчына атрымала 100-бальныя сертыфікаты на ЦТ па біялогіі і беларускай мове. Каб дасягнуць максімуму, ёй не хапіла ўсяго два балы: на тэставанні па хіміі яна атрымала 98 балаў з 100 магчымых.

Яшчэ адна дзяўчына, якая атрымала два 100-бальныя сертыфікаты, — выпускніца віцебскай СШ №3 Таццяна Дзятлоўская. Максімальна магчымую колькасць балаў яна набрала на тэстах па беларускай мове і біялогіі. Вынік трэцяга тэсту, па хіміі, у гэтай абітурыенткі таксама вельмі высокі — 83 балы.

Па два 100-бальныя сертыфікаты на тэстах з 2003 года атрымалі толькі 5 абітурыентаў.