Дзяржкантроль праверыць заробкі на 30 тысячах прадпрыемстваў

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі ўзяўся за праверку заробку "ў канвертах". Згодна з распараджэннем старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця створаная спецыяльная працоўная група.  У яе ўвайшлі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, КДБ, МУС, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства па падатках і зборах, Мінэканомікі, Мінпрацы і сацабароны, Нацыянальнага статыстычнага камітэта, інфармуе БЕЛТА. Яна будзе працаваць з 23 жніўня па 23 верасня. Асноўная задача - высветліць прычыны, па якіх некаторыя наймальнікі выплачваюць работнікам заробкі ніжэй за пражытковы мінімум (на 1 жніўня гэта 274 тыс. 510 рублёў), а таксама ніжэй за 200 долараў у эквіваленце.

Па звестках КДК, 4 млн 580 тысяч чалавек эканамічна актыўнага насельніцтва Беларусі 446 тысяч (9,7%) атрымліваюць прыбыткі ніжэй за пражытковы мінімум.

Прадпрыемстваў, дзе заробак складае меней за 200 долараў, у краіне налічылі больш 30 тысяч. У той жа час на рахунках гэтых прадпрыемстваў, кажуць правяральшчыкі, ёсць даволі вялікія грошы. І ёсць падставы меркаваць, што там адбываецца выплата заробку "ў канвертах".