Дзяржпрадстаўнік ЗША прадэманструе салідарнасць з беларускай апазіцыяй

Мэта візіту ў Беларусь намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Томаса Меліа — атрымаць інфармацыю з першых рук "аб сітуацыі ў Беларусі пасля сілавых дзеянняў, якія адбыліся следам за падзеямі 19 снежня". Пра гэта паведамілі БелаПАН у пасольстве ЗША ў Мінску.

Апрача таго, у ходзе візіту, які таксама павінен прадэманстраваць салідарнасць з грамадзянскай супольнасцю, прадстаўнік Дзярждэпартамента мае намер заклікаць да неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных.

Падчас візіту 22—25 студзеня Меліа сустрэнецца з сем'ямі затрыманых, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі, кіраўнікамі місій ЕС і прадстаўнікамі МЗС Беларусі, зазначылі ў пасольстве.

Раней прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных паведаміў БелаПАН, што 22 студзеня па просьбе амерыканскага боку ў МЗС адбудзецца рабочая сустрэча Томаса Меліа з кіраўніцтвам упраўлення Амерыкі і ўпраўлення гуманітарнага супрацоўніцтва беларускага знешнепалітычнага ведамства. "Будуць абмяркоўвацца ўсе пытанні, што ўяўляюць узаемную цікавасць", — сказаў Савіных.