Дзяўчына з Залесся піша тэксты для гуртоў “Корни” і “Фабрика”

Беларуска Вольга Роўная расказала пра сваё супрацоўніцтва з расійскімі і беларускімі зоркамі і пра тое, што піша астралагічныя п’есы для “Аквамарына”.
Вольга скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя Танка. Знайшла сябе ў Маскве, у прасторы рускамоўных тэкстаў.

Дар'я Ліс: - З якімі праектамі працуеш цяпер?

Вольга Роўная: -  Я працягваю супрацоўнічаць з прадзюсэрскім центрам Ігара Матвіенкі. Пішу песні для яго артыстаў: хутка загучыць у эфіры песня “В обитаемом сердце“ гурта “КуБа“, які грае разнастылёвую музыку, пачынаючы ад рока-попа і да разнастайных новахвалёвых японскіх “фішак”. Пазнаёмілася таксама з некалькімі новымі-маладымі, але ўжо знакамітымі кампазітарамі – спрабуем стварыць штосьці неардынарнае: сачыце за навінамі! Працягваю працаваць і з беларускімі выканаўцамі: песні на мае вершы запісалі маладая спявачка Дамініка, якая сёлета трапіла ў першую тройку прэтэндэнтаў на Еўрабачанне ад Беларусі, а таксама чарадзейка Алеся Ярмоленка.

Супрацоўнічаю з Вольгай Плотнікавай, Аляксеем Хлястовым, Верай Паляковай, Вікторыяй Дайнэка, гуртамі “Фабрыка”, “Корни”, “КуБа”.

Дар'я Ліс: – А як складваюцца адносіны з прозай?

Вольга Роўная:
– Спрабую пісаць. Імкнуся рабіць штосьці кожны дзень: выконваю практыкаванні па “Камунікатыцы“, пішу сцэнкі, прыдумваю герояў… Пачала пісаць невялікія вершаваныя п’ескі з самымі разнастайнымі героямі: напрыклад, там у мяне ёсць і мудры стогадовы папугай Клаўдзій, і гадзіннікавы майстар Ульрых, і пеўнік Мефістофель, і снежны барс Сімба і іншыя.

Я пачала пісаць п’есы ў прозе для інтернэт-радыёстанцыі “Аквамарын“, у эфіры якой іх можна было пачуць на працягу мінулага паўгоддзя. Цяпер гэтыя творы размясціліся на дысках з лекцыямі па астралогіі, уплеценыя ў агульную канву аповеда.

Дар'я Ліс: – Раскажы пра свае выдавецкія планы.

Вольга Роўная: – Я дапамагаю вядомаму расейскаму пісьменніку, псіхолагу, астролагу і паэту (для мяне ў першую чаргу – настаўніку) Авесалому Падводнаму выдаваць кнігі: займаюся арганізацыйнымі пытаннямі, шукаю макетчыкаў, дызайнераў, каардыную працу паміж імі і друкарняй. Паралельна я трэці год вучуся ў аўтарскай школе Авесалома Падводнага “Чалавек сярод людзей“ на курсе “Вышэйшыя архетыпы псіхікі“. Сваю кніжку планую выдаць пасля таго, як выдам усе кнігі настаўніка.

Дар'я Ліс: - Раскажы пра свой лад жыцця.

Вольга Роўная:
– Вывучаю анатомію і нетрадыцыйныя масажныя тэхнікі. Практычна, маё хобі – здаровы лад жыцця. Займаюся гімнастыкай “Кропля“ па методыцы майго настаўніка, ужо тры гады я вегетарыянка. Вывучаю астралогію. Вельми люблю кіно. Найлепшы адпачынак для мяне – схадзіць у кіно: сядзець на першым радзе і глядець у вялізны экран. Спадзяюся, аднойчы напішу сцэнарый, па якому здымуць добры фільм.

РэгіёнBY