Егіпцяне працягваюць святкаваць адстаўку Хосні Мубарака

У Егіпце працягваюць святкаваць адстаўку прэзідэнта Хосні Мубарака. Гэта адбылося ў пятніцу на 18-ы дзень масавых пратэстаў. Цяпер улада ў Егіпце знаходзіцца ў руках вайскоўцаў, якімі кіруе фельдмаршал Махамед Хусэйн Тантаві, які доўгі час займаў пасаду міністра абароны.

Лідэры многіх краінаў свету віталі паведамленне аб адстаўцы 82-гадовага Мубарака. Прэзідэнт ЗША Барак Абама паабяцаў і надалей захоўваць з Каірам сяброўскія і партнёрскія стасункі. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў надзею, што егіпцяне, якія выявілі адвагу і мужнасць, здолеюць захаваць мірную скіраванасць сваіх наступных дзеянняў.