Экс-мэр Масквы Юры Лужкоў вывез за мяжу сваіх дзяцей

Былы мэр Масквы Юры Лужкоў вывез дзвюх сваіх дачок у Лондан, паведамляюць інфармагенцтвы. У інтэрв’ю брытанскай газеце The Sunday Telegraph Лужкоў заявіў, што яго дочкі — 18-гадовая Алена і 16-гадовая Вольга — маглі апынуцца ў небяспецы па меры нарастання ціску на яго сям’ю. Дзяўчаты застануцца ў Лондане на 4-6 год: спачатку яны будуць вывучаць англійскую мову, а затым паступяць у адзін з мясцовых універсітэтаў.

Кажучы пра бізнэс сваёй жонкі Алены Батурынай, экс-мэр расійскай сталіцы расказаў, што нейкія блізкія да Крамля структуры ўжо хочуць гэты бізнэс адабраць. Аднак называць канкрэтных кіраўнікоў гэтых структураў ён не стаў.
 
Юрыя Лужкова адхілілі ад пасады мэра Масквы ў верасні гэтага года ў сувязі са стратай даверу кіраўніка краіны. Да гэтага на пасадзе гарадскога галавы ён працаваў 18 год.