Эксперт: іранская зброя ў Беларусі — нагода для атакі Украіны
Іранскія дроны
Расія працягвае актыўныя намаганні дзеля таго, каб усё-ткі ўцягнуць Беларусь максімальна ў гэтую вайну і стварыць беларуска-украінскі канфлікт. Адзін з такіх прыкладаў — размяшчэнне іранскай зброі на тэрыторыі Беларусі, кажа ў эфіры Еўрарадыё ваенны эксперт Міхайла Самусь.
“Іранскія беспілотнікі не з’яўляюцца абароннай зброяй. Таму калі мы гаворым пра падрыхтоўку аператараў і знахожанне іх на тэрыторыі Беларусі, то гэта, відавочна, рыхтуюцца ўдары па тэрыторыі Украіны. Вельмі небяспечнай з’яўляецца інфармацыя пра тое, што Расія дабіваецца ці дабілася атрымання балістычных ракет з Ірану, бо расійскія ракеты сканчаюцца”.
У чым небяспека iранскiх ракет?
“Дальнасць такіх ракет — 300 км. Таму, хутчэй за ўсё, яны будуць размешчаныя на тэрыторыі Беларусі і ў Крыме. Калі паглядзець на мапу, то з тэрыторыі Расіі можна біць такімі ракетамі і па Харкаве, і, магчыма, да Дняпра дабіваць, але каб працаваць па Кіеве, то, вядома, лепш іх размясціць на тэрыторыі Беларусі і ў Крыме”.
Самусь кажа, што балістычную ракету лепш за ўсё збіваць на пачатку яе палёта. Бо калі яна ўжо гатовая нанесці ўдар па цэлі, то ідзе амаль вертыкальна і на вельмі вялікай хуткасці і яе ўжо цяжка збіць.
“То бок калі яны будуць збівацца на пачатковай траекторыі, то абломкі могуць падаць на тэрыторыю Беларусі. Такое развіццё падзей можа быць небяспечным, бо Лукашэнка можа заявіць, што гэта агрэсія супраць Беларусі”.
Для Украіны будзе важна тэхнічна знішчыць тыя ракеты, якія будуць знаходзііцца на тэрыторыі Беларусі, працягвае Самусь.
“Нагодай, я лічу, мусіць быць першы запуск, які адбудзецца з тэрыторыі Беларусі. Пазней, вядома, можна ў судах вырашаць, хто каго першым справакаваў, але не будзем забываць: з 24-га лютага Беларусь з’яўляецца суагрэсарам. Але ў дадзеным выпадку будзе лепей дачакацца першага запуску, а потым метадычна знішчыць усе пускавыя ўстаноўкі, якія будуць выяўленыя на тэрыторыі Беларусі”.
Як аднясецца Захад да ўдару па Беларусі?
“Думаю, што ніхто не будзе супраць, калі іранскія ракетныя комплексы, якія наносяць удары па Украіне, будуць знішчаныя на тэрыторыі Беларусі. Вядома, што, напрыклад, ЗША могуць неяк перажываць за далейшае развіццё сітуацыі. Але сумняюся, што яны могуць забараніць нам абараняцца, а гэта, вядома, выключная абарона, калі па нас наносяцца ўдары балістычнымі ракетамі. Наўрад ці хтосьці скажа: “Ну вы пацярпіце трошкі — не трэба нашай зброяй абараняцца”.