Эксперты Мінэнэрга ЗША не знайшлі ў Беларусі сланцавы газ і нафту
Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе Інфармацыйна-даследчага ўпраўлення Міністэрства энэргетыкі ЗША (ЕIA).
У дакладзе, апублікаваным у 2011 годзе, амерыканскія энергетыкі адзначалі, што сланцавыя газ і нафта ёсць у 48 басейнах, размешчаных у 32 краінах. У новым дакладзе, апублікаваным на гэтым тыдні, лік радовішчаў вырас да 95 у 41 краіне. Але Беларусі ў гэтым спісе няма, канстатуе "Ежедневник".
Нагадаем, што апошнія некалькі гадоў беларускія ўлады даследуюць нетры краіны ў пошуках сланцавага газу і нафты. У жніўні 2012 года Мінпрыроды падпісала нават канцэсійную дамову на геалагічнае вывучэнне прыродных нетраў Беларусі са швейцарскай кампаніяй MK Mining AG.
Па адзнаках EIA, самыя буйныя запасы сланцавых газаў — у Кітаі (1115 трыльёнаў кубічных футаў), у Аргентыне (802 трыльёны) і Алжыры (707 трыльёнаў). У дзясятку ўваходзяць таксама ЗША, Канада, Мексіка, Аўстралія, Паўднёвая Афрыка, Расія і Бразілія.
Па запасах сланцавай нафты лідарамі з'яўляюцца Расія (75 мільярдаў барэляў), ЗША (58 мільярдаў) і Кітай (32 мільярды). Далей ідуць Аргенціна, Лівія, Венесуэла, Мексіка, Пакістан, Канада і Інданэзія.
Дарэчы, у ліку краін, якія маюць запасы гэтых карысных выкапняў, знаходзяцца практычна ўсе геаграфічныя суседзі Беларусі — Польшча, Літва, Украіна. Прычым тры сланцавыя басейны усутыч прылягаюць да межаў Беларусі.
Фота — biznesinfo.az